2017 XI 25 Пакроўскія званы
Сёлетні фестываль “Па-кроўскія званы”, які праходзіў з 11 па 15 кастрычніка, сарганізавалі ўжо дванаццаты раз. Галоўным яго натхняльнікам – Ірэне і Мікалаю Захаравым з іх калектывам “Арынушка”, ад самага пачатку вельмі залежыла, каб фальклор узвесці на п’едэстал вышэйшай культуры. І гэта ім з поспехам удаецца. Інаўгурацыя фестывалю прайшла 11 кастрычніка ў зале Дзяржаўнай філармоніі, якая знаходзіцца непадалёк ад Вострай брамы і Свята-Духаўскага манастыра. Канцэрт традыцыйна пачаўся ад прэм’еры новай кампазіцыі на аркестр і фальклорны хор. На гэты раз быў гэта твор Зыты Бружайтэ “Калажы”, які выканаў Літоўскі камерны аркестр ды фальклорны калектыў “Арынушка”. Спалучэнне моцнага, смычковага аркестра з традыцыйнымі спевамі, атрымалася вельмі ўдалым. Драматызм чаргаваўся з лірызмам, дынаміка з далікатнасцю. Музыка ўздзейнічала на ў’яўленне, быццам пакладзеная пад нейкі прыгожы фільм.
Пасля “Калажоў”, на сцэне філармоніі запрэзэнтаваліся ўсе замежныя ўдзельнікі фестывалю: “Павалякі” з Беларусі, “Барвінок” з Украіны, “Петров Вал”, “Живая старина”, “Чапура”, калектыў Санкт-Пецярбурскай кансерваторыі ім. М. Рымскага-Корсакава, “Хьэгъэудж гуп” ды Равіль Ліроў з Расіі, “Väike Hellero" з Эстоніі, “Лакада” з Грузыі, “Полана” са Славакіі, “Азэрбайджанскія ашыгі” з Азербайджану ды “Жэмэрва” з По-льшчы. Усе гэтыя калектывы, наступнага дня, здымаліся на Літоўскім тэлебачанні ў праграме “Дамо жару”. Некаторыя з іх заспявалі ў будынку Літоўскага ўраду, падчас адкрыцця мастацкай выстаўкі.
На фестывалю сустрэліся даў-нія знаёмыя, але таксама калектывы, якія ўпершыню наведалі Вільню. Сярод іх была наша “Жэмэрва”, але таксама “Павалякі” з Обчына, што ў любанскім раёне мінскай вобласці на Беларусі. У калектыве спяваюць вясковыя жанчыны сярэдняга і старэйшага пакалення; некаторым з іх нават за 80 гадоў. Обчын, як і Любань знаходзіцца на мяжы Палесся і сярэдняй Беларусі. Таму тут накладаюцца на сябе дзьве эт-награфічныя зоны. У песенным рэпертуары можна пачуць выразныя палескія матывы. Для мяне эталонам такой песні з’яўляецца “Там у лузі каліна стаяла”, якую жанчыны з Обчына гучна, па-палеску спяваюць. У іхняй вёсцы захаваўся таксама багаты танцавальны фальклор. Увогуле, Любаншчына з’яўляецца для ўсёй Беларусі ці не галоўным захавальнікам традыцыйных танцаў. Іх было тут запісана больш 70-ці, але калі дадаць да гэтага розныя варыянты тых жа танцаў, лік гэты дасягае 250-ці. Самых толькі полек тут запісана 52 варыянты.
Вялікая заслуга ў выяўленні і класіфікацыі гэтых танцаў належыць Міколе Козенку, які з’яўляецца “душою” ўнікальнага фестывалю “Берагіня”. Найбольш аднак для практыкавання і папулярызацыі народных танцаў Любаншчыны зрабіў Сяргей Выскварка. Ён у Любані кіруе двумя дзіцяча-маладзёжнымі групамі: “Верабейкі” і “Жэўжык”, ладзіць фальклорныя сустрэчы з назвай “Пятровіца”, а таксама праводзіць майстаркласы па танцам – у Беларусі, Расіі, Літве і Польшчы. Сёлета двойчы яго гасціла Падляшша і студыя фальклору “Жэмэрва” – у лютым вёў танцавальныя майстаркласы ў Семятічах, а ў ліпені – у Мельніку. Сяргей Выскварка – аўтар кніжкі “Беларускі танцавальны фальклор. Методыка працы з дзіцячым фальклорным калектывам”, якую варта зарэкамэндаваць усім, хто хоча навучыць дзяцей сапраўдных, беларускіх танцаў.
Але вернемся да фестывалю “Пакроўскія званы”. Калектыў з Обчына прыехаў тут менавіта дзякуючы Сяргею Выскарцы, які шмат гадоў супрацоўнічае з яго арганізатарамі.
Сваімі ведамі і дзеяннямі падтырмлівюць арганізацыю фестывалю такія вядомыя асобы, як: Андрэй Котаў – кіраўнік калектыву старарускай духоўнай музыкі “Сірын” з Масквы, Галіна Лабкова – кіраўнік кафедры этнамузыкалогіі Дзяржаўнай кансерваторыі ў Санкт-Пецяр-бургу, Варса Закаріенэ з Навуковага цэнтра Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра. Згаданыя асобы бы-лі мадэратарамі навуковай канферэнцыі, якая таксама прайшла ў рамках фестывалю. Яе вядучым лозунгам была “Традыцыйная культура ў сыстэме адукацыі і культурным турызме». Сваім вопытам і даследваннямі дзяліліся навукоўцы і аніматары культуры з разных краін. Пра Падляшска – палескія сустрэчы у традыцыі «Там по маёвуй росі» гаварыў ніжэйпадпісаны.
Двухдзённая канферэнцыя праходзіла ў старажытных залах гістарычнага факультэта Віленскага Універсітэта. Тых самых залах, якія памятаюць нашых славутых землякоў з Падляшша – прафесараў Іосіфа Ярашэвіча, Ігната Даніловіча і а. Міхаіла Баброўскага. Непадалёк знаходзіцца вядомы ўніверсітэцкі дзядзінец, праз які ўваходзіцца ў барочны, універсітэцкі касцёл св. Іаанаў. Тут прайшоў другі канцэрт фестывалю, які арганізатары назвалі «Музыка для гурманаў», значыць для знатакоў. Сапраўды было чаго паслухаць.
З сур’ёзным матэрыялам па-казаліся каларытныя калектывы з Расіі – «Пятроў вал» з Масквы, які займаецца ў галоўным казацкім фальклорам ды «Жывая старына» з сібірскага Краснаярска. Душа калектыва – Ігар Гораў, адораны спявак і танцор, энтузіяст жывой традыцыі. Падобным спецыялістам – аўтэнтычным і адданым справе з’яўляецца Аляксей Заяц, кіраўнік калектыву «Барвінок». У гурце, які дзейнічае ў сяле Фасова Кіеўскай вобласці на Украіне, пераважна жанчыны старэйшага пакалення, ад якіх Аляксей запісвае песні і абрады. Маючы акадэмічную да таго падрыхтоўку, застаецца пры тым простым чалавекам з вёскі, які сваю працу лічыць місіей.
Няйначай, да сваёй працы па захаванню традыцыйнага фальклору русінаў (лэмкаў) з усходняй Славаччыны падыходзіць Анна Дэрэвяннікава, якая прыехала на фестываль з калектывам «Полана» з сяла Орабіна (калектыў вядомы слухачам фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы). Анна Дэрэвяннікова на штодзень працуе на Кафедры музыкальнай і мастацкай адукацыі педагагічнага факультэта Універсітэта ў Прашаве. Але сапраўдную сваю місію бачыць у працы з маладым пакаленнем славацкіх русінаў, якім прывівае любоў да традыцыйных песень, танцаў і абрадаў. Шмат сэрца ўкладае ў дзейнасць «Поланы», якой члены спяваюць таксама ў хоры праваслаўнай царквы ў Орабіне. Спеў калектыву непаўторны, ўражваючы моцным гучаннем ніскіх альтаў і высокіх сапранаў, якія, па словах кіраўніка, павінны «прайсці скрозь горы». У гэтых старых песнях паліфонія нечакана пераходзіць у манодію, зусім як у палескіх, жніўных песнях з Дзятлавіч каля Лунінца. Гэта добра чуваць у такіх песнях з Орабіны, як «Горі, рыбко, горі» ці «Грабай, дівча, не стый».

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Дарафей Фіонік
фота: Максіма Фіоніка

© Fundacja im. Księcia Konstantego Ostrogskiego