2018 VII 06 Там дзе Пульва і Лясная ўліваюцца ў Буг
Для цяперашняга жыхара надбужанскага Мельніка, які не бывае ў падберасцейскіх сельскіх ваколіцах, такія назвы як Крынкі, Паніква, Ставы, Вельямовічы ці Церабунь, мала што гавораць. Хіба толькі што з Воўчынам некаторыя будуць мець асацыяцыі, паколькі назва выступае на старонках падручнікаў да гісторыі. Тут жа нарадзіўся кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ды й нават у традыцыйных песнях Воўчын згадваецца. Прыкладам, жніўная песня з Клюкавіч нурэцкай гміны: “Як прыіехав з Воўчына, Бог на помошч дывчыно...”, якую запісалі мы тут ў 2005 г. ад Вольгі Радасюк.
Непадалёк гэтых жа Клюкавіч, а дакладней вёскі Вэрполь і маёнтку Тэлятычы пачынаецца рэчка Пульва. Яна менавіта, у раннім сярэднявеччы вызначала кірункі разсялення людзей. Ля яе крыніц сфармаваліся важныя цэнтры, сканцэнтраваныя м.інш. вакол рускіх радоў Тур-Зубацкіх, Клюкавіцкіх і Тэлятыцкіх. Калі пад 1017 г. “Ноўгародская летапіс” першы раз пісала пра Берасце, наш Мельнік мусеў ўжо быць важным горадам на водным шляху з Чорнага да Балтыйскага мора. Плывучы Дняпром, Прыпяццю, Мухаўцом і Бугам, падарожнікі карысталіся і меншымі рэкамі. З Буга можна было ўплысці ў Лясную ды дабрацца да Камянца. Па дарозе, над Лясною, былі вялікія дрыгавіцкія пасяленні ў Трасцяніцы і Ратайчыцах. Нашыя продкі Дрыгавічы пакінулі па сабе ў гэтых ваколіцах тысячы курганоў.
З Буга можна было таксама увайсці на шлях ракі Пульвы і дабрацца пад Клюкавічы. Тут ужо ў VIII ст. знаходзіўся вялікі, абарончы гарадок. Гэта было важнае месца на купецкім шляху з поўдня на поўнач. Тут можна было затрымацца, адпачыць, каб далей дабірацца да гарадзішчаў у Збучы, Гацьках і Заячках. Пра шырокі, гандлёвы кантакты Клюкавіч сведчыць, знойдзены тут скарб арабскіх манет – діргемаў з VIII-X ст. Больш за тысячу манетаў, якія патрапілі сюды з дзяржавы Самнідаў, былі тады на нашых землях у нармальным грашовым абароце.

КАНЮCКАЕ ВОЙТАЎСТВА
Што спалучае назвы Пульва, Паніква і Крынкі. Гэта вада. Пры тым першая і другая назва фіна-ўгорскага паходжання, а трэцяя – славянская. У комі-пярмяцкай мове слова “ва”, гэта не што іншае як вада ці рака. Як піша ў сваёй кнізе “Летапісная Літва. Сваяцтва і лёс” Іван Ласкоў (Вільня, 2011) назву ракі Пульва можна тлумачыць з комі-пярмяцкага як “плюскаючая вада”. Таксама назва Паніква адносіцца да вады – ёсць такая рака паміж Дзятлавам і Навагрудкам. Гэта раён Беларусі, які даследчыкі лічаць тэрыторыяй летапіснай Літвы. Мікола Ермаловіч тлумачыць назву Літва як “пяць рэк”. Іван Ласкоў удакладняе, што гэта фінаугорская назва можа адносіцца у шырэйшым плане да пяці племяў – радоў.
У Панікве, якая знаходзіцца пры мяжы Польшчы і Беларусі, паміж Няміравам і Высокім, няма цяпер ракі з аднайменнай назвай. Але ёсць за тое суседняя вёска Крынкі, якой назва выводзіцца ад крыніц, крынічнай вады. Іх тут шмат, пры тым цудадзейных. Найбольш славутая з іх – крыніца ў лясным урочышчы Катэрка каля Такароў, праслаўленая ў 1852 г. з’яўленнем Багародзіцы. Да іншых крыніц яшчэ дойдзем. Цяпер крыху затрымаемся ў Крынках і Панікве.
Гэтыя мясцовасці здаўна цягнулiся да Воўчына, як цэнтра Воўчынскaга графства, якiм уладарылi Ваганоўскiя i Солтаны (ХV-ХVI ст.), Гасеўскiя, Слушкi, Сапегi, Флемiнгi, Панятоўскiя i Чартарыйскiя (ХVII-ХVIII ст.). Пэўны час Панiква (1-ая палавiна ХVIII ст.) уваходзiла ва ўладаннi берасцейскiх iезуiтаў. У 1781 г. уладальнiцай стала княгiня канцлеровая Чартарыйская. У 1755 г. Крынкамi валодаў Мiхал Чартарыйскi, а з 1862 г. гаспадыняй тут была Альжбета Красiнская. Тутэйшую царкву неаднойчы наведвалі іерархі – у 1900 г. епіскап Іаакім (Лявіцкі), а у 1928 г. мітрапаліт Дзіянісій (Валедынскі).
Як піша Георгій Мусевіч, знаўца гісторыі камянецкага краю, Крынкi былi вялiкiм сялом, а Панiква меншым. У Крынках была прыхадская Мiкалаеўская царква, а ў Панiкве прыпiсная Успенская. Абедзьве ў свой час былi вунiяцкiмi. Драўляную царкву ў Крынках пабудавалi ў 1668 г., але перад ёю была старэйшая, не вядома калi ўзведзена. Калi храм заняпаў, на яго месцы ў 1767 г. узвялi новы. У Панiкве ў 1791 г. пабудавалi новую, драўляную Успенскую царкву. За прастолам на горнім месцы знаходзіцца тут да сёння ікона Багародзіцы, пісаная на досцы. Берасцейскі даследчык Валерый Мароз адносіць яе да першай паловы XVII ст. Ікона праславілася шматлікімі цудамі – да яе ішлі паломнікі з суседніх прыходаў. Старажылы ўспаміналі, што на свята Успення Багародзіцы праз Панікву ішоў з цудатворнай іконай хрэсны ход, пад тысячу людзей.
У перыяд хрушчоўскага пераследу Царквы, храм у Панікве закрылі. Але мясцовыя людзі дбалі, каб царкву не апаганілі і не разграбілі. Праўда, тады ў Мастацкі музей у Мінску была вывезена каштоўная ікона Успення Багародзіцы XVII ст. Аднак іншыя іконы, у тым ліку Багародзіцы, удалося захаваць на месцы. У 1988 годзе храм быў аддадзены Праваслаўнай царкве. Цяпер да Паніквы на Спленне з’язджаецца з усёй Беларусі і з замежжа шмат людзей.
Іншы лёс сустрэў Крынкі, распаложаны побач Нямірава, раней званага Нівіцамі. Пасля другой сусветнай вайны Крынкі аказаліся непасрэдна пры дзяржаўнай граніцы. Вёска заняпала, а прыгожую царкву камуністычныя ўлады ў 1963 годзе разабралі. Падобны лёс сустрэў у той час і Міхайлаўскую царкву ў Полаўцах, дзе дагэтуль служыў а. Лука Курыловіч. Цяпер на месцы, дзе стаяў храм і былі могілкі знаходзіцца гранічны пункт пропуску Пяшчатка. Сярод дрэў і кустоў можна тут яшчэ разледзець старыя намагільныя крыжы.
Сёння найбольшай вёскай праваслаўнага прыхода ў Панікве з’яўляюцца Навасёлкі. Тут у гадах 2008-2012, стараннямі прыхаджан і настаяцеля а. Ігара Каляды, была пабудаваная царква св. Апостала Марка. Яна ўзвышаецца над мясцовасцю, прыгожа распаложанай на надбужанскім узвышшы. Адсюль, як рукою падаць да забужанскага Старога Бубля, вёскі некалі рускай, праваслаўнай. Яе жыхары ў міжваенны перыяд змагаліся за праваслаўную веру, супраць неавуніі. Большасць рускіх жыхароў выселілі адсюль у 1947 г., у рамках акцыі “Вісла”, а царкву перарабілі на рымакаталіцкі касцёл. Царква ў Навасёлках, можна сказаць, засталася спадкаемцай закрытага прыхода ў Бублі.
Але звернемся яшчэ да глыбейшай гісторыі. Аказваецца, што ў XVI ст. Навасёлкі, разам з Крынкамі ды Яцкавічамі стваралі асобнае Канюскае войтаўства. Яго назва паходзіла не ад назвы мясцовасці, а ад катэгорыі пражываючых тут людзей. Былі яны канюхамі, якія гадавалі каней для патрэб берасцейскага замку. Іх заданнем былі рамонты стайняў, адной з замкавых вежаў, а таксама пастаўка прадуктаў на замак падчас візітаў караля і вялікага князя. Кожны з 52 канюхоў быў надзелены двумя валокамі зямлі, звольненымі ад падатку. Пра канюхоўскія правы і абавязкі гаворыцца ў апісанні Берасцейскага староства з 1566 года: “Тим конюхом на службу конюскую водле листу е.к.м. дано по две волоце волных от плату всяких инних повинностей визволених до воли и ласки е.к.м., которих всех волок оселих сто и чотыри, то ест служб петдесят две, с которих они водле стародавного звичаю и повинности своей службу конюскую в Коруне Полской и великом кзязстве Литовском при дворе е.к.м. уствичне полнити и вежу замку Берестейского и пят стаен замковых будовати повинни; к тому особливе под приизд е.к.м. до Берестя винни давати стацеи зо всего десятку своего конюского яловицу одну, барана одного, куръ десятеро, сировъ десять, яец копу, масла горщок, гороху бочку, круп бочку.”
Вось дзе і калі шукаць трэба вытокаў славутых канюшняў у Янаве Падляшскім! Пачынальні-камі гэтай сусветна вядомай цяпер гадоўлі былі канюхі з Крынак, Яцкавіч ды Навасёлак. Знаем нават іх прозвішчы з 1566 года, калі канюхоўскім войтам быў Хаўрэн Юрковіч. У Навасёлках быў гэта Артых Полунковіч, Іван Гацковіч, Іван Волковіч, Міхно Костіевіч ды іншыя, а ў Крынках Рад Юрковіч, Пётр Каленковіч, Наум Міцеліч, Грынь Івашковіч, Дешко Проневіч, Нелюб Шостаковіч, Гапон Антоновіч ды Іван Лагодіч. Мабыць гэта былі непасрэдныя патомкі канюхоў, якія займаліся коньмі падчас падрыхтоўкі да Грунвальдскай бітвы. Вядома, што галоўным месцам фарміравання стратэгічнай думкі перад змаганнем было Берасце. Тут, з 1 па 8 снежня 1409 г. прайшла найважнейшая нарада караля Уладзіслава Ягайлы ды вялікага князя Вітаўта – Аляксандра.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Дарафей Фіонік
фота Максіма Фіоніка


Od niedawna w okolice Brześcia można powędrować bez wiz. Wystarczy w odpowiedniej firmie turystycznej zamówić dokument, uprawniający do dziesięciodniowego pobytu w rejonie brzeskim, kamienieckim lub prużańskim. W ramach takiego wyjazdu warto odwiedzić, opisywane w materiale, piękne, historyczne miejsca nad Pulwą i Leśną.

© Fundacja im. Księcia Konstantego Ostrogskiego