2018 III 26 Каплічка ў Кнарыдах
Каплічка Іконы Божае Маці „Усіх гаротных Радасць” y Кнарыдах… Яна на крыніцы каля вёскі, адкуль увесь год выплывае вада.
Даўным-даўно сярод лугоў на вялікім камені аб’явілася Багародзіца. Невідучы хлопец, ведзены бацькам, захацеў дакрануцца да Яе нябеснага ўбору.Богамаці раптоўна знікла, а хвораму хлопцу вярнула зрок. З 1872 года паломнічаюць сюды людзі да святога каменя, на якім адбіўся след босай ступні Найсвяцейшай Заступніцы. І да святыні, у якой моляцца за аздараўленне ад хвароб.
Помню добра, як першы раз ў далёкім-далёкім маленстве ў цёплую сонечную рань з матуляй і бабуляй ішоў я на Пяценку ў Кнарыды. Над намі шумелі вершаліны хвой, на лугах блішчэлі хвалі травяністыя, усміхаліся прыдарожныя кветкі, рунела жыта. Высока-высока ў сінім стэпе нябёс звінелі жаваранкі. Ззяла ўся прырода, а мы спяшаліся ў светласць радаснага дня – да люстранай тоні святой крыніцы...
Плыла-плыла рака часу. У жыцці мітуслівым, бурлівым міналі гады і дзесяцігоддзі.
Ноччу з 31 ліпеня на 1 жніўня 2016 года каплічка была падпалена. У святым месцы бушаваў шквал пажару.
Агрубелі сэрцы ў многіх людзей. Асабліва сёння чалавека калечыць і нішчыць цемра бездухоўнасці. Вакол буяніць трава забыцця.
Аднак у свеце бязвер’я ўсё яшчэ трэба гаварыць пра веру, у свеце без надзеі – пра надзею, у свеце без любові – пра любоў. У сумных і страшных вачах гордых вылюдкаў і дэгенератаў можа яшчэ варта шукаць апошнюю жарынку. Каб адрозніць сэрца ад каменя, каб убачыць чалавека ў чалавеку.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Юрый Баена
© Fundacja im. Księcia Konstantego Ostrogskiego