Numer 8(206)    sierpień 2002Numer 8(206)    sierpień 2002
fot.Marek Dolecki
Pra lios Uwaskrenskaha saboru u Biełastoku
Darafiej Fionik
Пра лёс Уваскрасенскага сабору ў Беластоку
   Увазе нашых чытачоў прапануем дакументы эпохi, звязаныя з лёсам Уваскрасенскага сабору ў Беластоку, будаванага ў гадах 1898 - 1914 i разабранага ў мiжваенны перыяд. Гэтая старонка нашай гiсторыi сумная, заадно i павучальная. Паказвае нам усю складанасць становiшча праваслаўных у мiжваеннай Польшчы i манiпуляцыi, якiм паддавалася Царква з боку дзяржавы.
   За беластоцкi сабор заступалася праваслаўная iнтэлiгенцыя i з парламентарнай трыбуны. Асаблiвую ролю сыграў сенатар Вячаслаў Багдановiч, адзiн з галоўных выдаўцоў i аўтараў часопiса “Праваслаўная Беларусь”, якi выходзiў у Вiльнi ў гадах 1927 - 1928. У iм i былi змешчаны два матэрыялы па гэтай тэме аўтарства карэспандэнта, якi падпiсваўся псеўданiмам “Аргус” ды В. Васiлевiча (псеўданiм В. Багдановiча).
   Вячаслаў Багдановiч як працiўнiк камунiзма бачыў прычыну папулярнасцi яго iдэй сярод часткi беларускага насельнiцтва менавiта ў антыцаркоўнай палiтыцы дзяржавы. У адной з прамоваў з 1927 г. пытаў сенатараў: “Хто адкiнуў народ ад царквоў, закрываючы iх цэлымi сотнямi, хто забараняў пры цэрквах вучыць нашых дзяцей асновам веры i царкоўнаму спеву, хто вывозiў з Польшчы шчырых, любiмых народам архiпастыраў i нашую царкоўную iнтэлiгенцыю, якая магла б мець хрысцiянскi ўплыў на людзей?”
   Мала каму вядома, што канчатковыя лёсы Ўваскрасенскага сабору звязаныя з Бельскам Падляшскiм. Цэгла з яго разборкi ў 1938 г. была скарыстаная для пабудовы збожжавага элеватара. Даведваемся пра гэта з запiскаў Зэлiслава Янушкевiча, якi ў гадах 1933 - 1939 быў старастаю павету Бельск Падляшскi. Ураджэнец Марыямполю каля Iгумену на Беларусi, як прадстаўнiк дзяржаўнай улады сумленна ажыццяўляў яе iнтарэсы на паўночна - усходнiх “крэсах”. Перш зa ўсё праяўлялася гэта ва ўмацаваннi польскасцi сярод праваслаўнай часткi насельнiцтва. У адрозненнi ад сваiх калегаў з Люблiнскага ваяводства Янушкевiч быў аднак прыхiльнiкам эвалюцыйных метадаў паланiзацыi. Ягоныя запiскi - цiкавае сведчанне эпохi, цяпер захоўваюцца ў Нацыянальнай Бiблiятэцы ў Варшаве (былi часткова апублiкаваныя ў зборнiку: “Bielsk Podlaski. Studia i materiały do dziejów miasta”, Bielsk Podlaski 1999).

   Дарафей Фiёнiк
   Праваслаўны сабор у Беластоку
   
   У Беластоку яшчэ перад вайной пачалi будаваць вялiзарны праваслаўны сабор. Срэдствы на яго будоўлю зьбiралiся па ўсiх праваслаўных парахвiях цэлай эпархii, зьбiралi некалькi гадоў па грашах i падкапейках.
   Вайна перашкодзiла скончыць пастройку, i сабор ужо выведзены да самых купалаў i пакрыты, так i астаўся стаяць бяз вакон i бяз дзвярэй.
   Пасьля вайны праваслаўнае насяленьне прынялося было горача i шчыра за справу заканьчэньня будоўлi, але неспадзевана (тады гэта яшчэ было неспадзевана, а цяпер мусiць ўжо прывыклi), неспадзевана спаткалася з процiўдзейнасьцяй мясцовай улады, якая не дала дазволы на даканчэньне сабору.
   Повадам да гэтага выставiлi тоя, што сабор, нiбы будаваўся на казённыя срэдствы, што ён знаходзiцца на мястовай зямлi i што дзеля гэтага (па якiм законам?) яго трэба цi зьнясьцi зусiм, цi перарабiць на касцёл...
   Напрасна прадстаўлялi начальству дакумэнтальныя довады таго, што сабор будаваўся на сборы з праваслаўнага насяленьня (усi нават пратаколы царкоўных кружачных збораў захавалiся дасюль), - нiчога не памагала.
   Здавалася, другi раз, што ўлады прыймалi просьбы шчыра да сэрца, а як даходзiла да самай справы, дык нi шагу, - як бы нейкая патаемная сiла яе гамавала.
   Калi сабраўся Сойм, у нас iзноў паднялiся надзеi. Ездзiлi, прасiлi. Узялiся горача за справу некаторыя паслы i сэнатары, прыежджалi да нас, хадзiлi да ваяводы, да мiнiстраў, падавалi ўнёскi, iнтэрпэляцыi.
   Адзiн раз было ўжо так, што здавалася, справа зусiм наладзiлася: мiнiстар Гломбiнскi з сэймовай трыбуны ўрачыста асьведчыў, што сабор будзе аддадзены праваслаўным, але...
   Калi на радасьцях праваслаўныя авансам прасiлi, каб iм дазволена было ў тую Пасху, адслужыць у недакончаным саборэ пасхальную заутрэню, бо iстнуючая другая праваслаўная царква ў Беластоку ня можа ўмясьцiць усiх маляшчыхся ня толькi ў вялiкiя, але ў звычайныя сьвяты (у нашай беластокскай парахвii больш 6 000 душ), дык i гэтага нам не дазволiлi.
   Цяпер праваслаўныя жыхары Беластока, ходзячы па яго вулiцах, з сумам глядзяць на тое як пляц каля недабудаванага сабору перарабiўся ў “свалачнае мейсца”, а на даху сабора... выраслi ўжо 10 летнiя бярозкi з Бог ведае адкуль занесеных насеньняў, а каля галоўнага купала... чырванела сваiмi прыгожымi гроздамi рабiна!...
   Аргус (нр 3 за 1927)
   
   У наступным нумары на матэрыял Аргуса адгукнуўся галоўны рэдактар часопiса, падпiсаны псеўданiмам В. Васiлевiч
   
   Чырвоная рабiна
   Калi чытаў я ў папярэднiм нумары “Праваслаўнай Беларусi” гэтую карэспандэнцыю Аргуса аб Беластоцкiм саборы, цяжка рэзанула мяне па сэрцу гэтае мейсца. Мiма волi пачулася ў iм нешта сымвалiчнае: чырвоная рабiна здавалася мне нiбы чырвоным сьцягам, якi вырас на мейсцу крыжа...
   Цi ня ёсць гэта запраўды яскравай iлюстрацыяй усей той “крэсавай” i “меньшасьцявай” палiтыкi, якая ў нас тварылася ўвесь час ад самага паўстаньня Польшчы...
   Адкуль i гдзе вырасла чырвоная рабiна? Вырасла адтаго, што нейкая злая воля паўмысьлi руйнавала царкву. Суверэннае палiтычнае iстнаваньне Польшчы пачалося з адбiраньня i разбураньня цэркваў i адыманьня цэркоўнай маемасцi, з пагвалчэньня канстытуцыi, “гварантуючай” свабоду царквы, з перасьледаваньня таго праваслаўнага духавенства, якое стаяла блiжэй да народа, з забароны выкладаньня рэлiгii ў роднай мове i г.д. А галоўнае, гэта ўмяшацельства ўва ўнутранае жыцьцё царквы, стварэньня з вышэйшага праваслаўнага духавенства “агентаў паньствовых” (гл. прамовы ў Сэнаце сэнатара Багдановiч), што самую рэлiгiю ператварыла ў нейкае “казеннае учрежденiе”.
    “Хадзiлi, прасiлi”, пiша Аргус, - абецалi, а як даходзiла да самай справы, дык нi шагу”. Справа аставалася без рэзультату... без рэзультату наружнага, але з вялiкiм рэзультатам унутрашньнiм. Кожны раз пасьля такога хаджэньня i прашэньня аб самым законным, i самым патрэбным, аб самым сьвятым, калi даставiлi адмову, у душах гэтых веруючых людзей тварылiся, як i ў тым занедбаным саборы, нейкiя трэшчыны, ў якiя, Бог ведае адкуль, якiм ветрам, цi заходнiм, цi ўсходнiм, занасiлiся розныя насеньня i вырасталi ў душах гэтых людзей замест веры ў Бога ў сьвятасць права i падстаў маральных, чырвоныя думкi i настроi.
   Так вырастае чырвоная рабiна на мейсцы Божага дому.
   
   Пад гэтым матэрыялам змясцiлi яшчэ адрэдакцыйную дапiску:
   ...У час, калi стацьця п. Васiлевiча ўжо паступiла ў рэдакцыю, мы атрымалi ведамасьцi, што ўрад прызнаў сабор сваёй ўласнасцю.
   Такое вырашэньне справы для нас была дужа неспадзяваным пасьля тых дакумэнтальных даных аб будоўлi Сабора на кошт праваслаўнага грамадзянства, якiя некаторыя сябры рэдакцыi вiдзелi сваiмi ўласнымi вачамi.
   У пастанове сваей урад не адкiдвае магчымасьцi аддачы саборы ў карыстаньне праваслаўных, але затрудна праваслаўным трацiць срэдствы на яго рэмонт i ўтрыманьня бяз той пэўнасьцi, што ён i на далей астанецца ў руках праваслаўных... Усеж такi, мы думаем, праваслаўнаму грамадзянству нельга дамаўляцца ад прыняцьця сабору ў сваё карыстаньне, а з поўнай верай, што праўда пераможа, брацца за сьвятую працу.
   
   Бярозкi i чырвоная рабiна аднак далей на саборы прарасталi. У трыццатых гадах пачалася яго разбурэнне. Што адбывалася далей з матэрыялам з храму – аб гэтым пiша ў сваiх запiсках бельскi стараста Янушкевiч.
   
   “Postanowiliśmy zbudować spichrz w Bielsku przy stacji kolejowej. (...) Zaczęliśmy gromadzić materiały. Nowa cegła kosztowała drogo i potrzeba jej było mnóstwo. Dowiedziałem się przypadkowo, że kler prawosławny gotów jest sprzedać na rozbiórkę nieczynną cerkiew prawosławną w Białymstoku. Porozumiałem się więc w tej sprawie z burmistrzem miasta Bielska Alfonsem Erdmanem, który budował w tym czasie duży dom społeczny i rozbudowywał gmach gimnazjum, i nabyliśmy cerkiew wspólnie.
   Cegła była doskonała, rozbiórka nietrudna ani droga, dowóz łatwy. Cena zapłacona za rozbieraną cerkiew też nie była wysoka, więc dzięki temu znacznie obniżyliśmy koszty prowadzone budowy. Wybudowaliśmy spichrz względnie nieduży o pięciu kondygnacjach z nadbudówką na windę.”
   
   Стараста Янушкевiч без вялiкiх эмоцыяў пiша пра разбурэнне храму. Для яго важны эканамiчны разлiк - танная цэгла, лёгкая разборка i недалёкi давоз. Такiм разлiкам кiравалiся не толькi тадышнiя гаспадары павета, але i ўсёй дзяржавы. Аднак пералiчылiся... Бельскi элеватар з саборнай цэглы здалi ў карыстанне ў чэрвенi 1939 г. Тры месяцы пазней iм завалодалi ўжо новыя гаспадары.
   
   

Twoja opinia


imię:
email:
komentarz
wpisz tekst z obrazka: token